РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ СТО́ЙКАСЦЬ матэрыялаў і вырабаў, здольнасць матэрыялаў і вырабаў захоўваць свае ўласцівасці і параметры ў зададзеных межах у працэсе і пасля ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення (радыяцыі).
Змена ўласцівасцей матэрыялаў пры апрамяненні абумоўлена з’яўленнем дэфектаў у крышт. рашотцы (гл. Радыяцыйныя дэфекты), ядзернымі рэакцыямі, разрывам хім. сувязей і інш. Р.с. матэрыялаў залежыць ад тыпу хім. сувязі атамаў, іх структурнага ўпарадкавання, характарыстык іанізавальнага выпрамянення, якія вызначаюць назапашванне ўстойлівых радыяцыйных дэфектаў, ад т-ры матэрыялаў у працэсе апрамянення (павялічваецца з павышэннем т-ры з прычыны ўзрастання імавернасці анігіляцыі першасных радыяцыйных дэфектаў — міжвузельных атамаў і атамных вакансій). Р.с. вырабаў вызначаецца здольнасцю матэрыялаў, з якіх яны зроблены. процістаяць уздзеянню радыяцыі.
Літ.:
Коршунов Ф.П., Богатырев Ю.В., Вавилов В.А. Воздействие радиации на интегральные микросхемы. Мн., 1986;
Кузнецов Н.В., Соловьев Г.Г. Радиационная стойкость кремния. М., 1989.
М.А.Паклонскі.
т. 13, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)